Маўклівых знішчаюць свае і чужыя,
Маўклівыя самі знішчаюць сябе.
І рымы ўстаўляю ў радкі як нажы я
З надзеі, што трэбы яны малацьбе.
Яна, малацьба, яшчэ вырасце ў моладзь,
І голас расправіць. Над светам крыло.
Гэй, кат і тыран, хоць пятлю, хоць ярмо ладзь -
Усё, што не зладзіш – дзярмо і трухло!
Паточацца ў норы зласліўцы і хціўцы,
Здабудзецца воля юнацкай крывёй,
І борзденька прыйдуць на волю маўкліўцы,
Каб моўчкі і прагна нацешыцца ёй.
Ды воля не можа няволяю стацца,
Хаця й абдымае мацней ад пятлі.
І трэба ці крыкнуць, каб разам застацца,
Ці моўчкі пакінуць абшары зямлі.
"Жыве Беларусь!" ці "Лонг лайф!" ці "Нех жые!"
Абы не маўчанне ў зацятай губе!
Маўклівых знішчаюць свае і чужыя,
Маўклівыя самі знішчаюць сябе...
(с) Сяржук Сокалаў