Дочкі палітвязня Аляксандра Казуліна, Вольга і Юлія, звярнуліся да беларусаў з заклікам выйсці сёння а 18 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу Менска з свечкамі і партрэтамі іх маці – Ірыны Казулінай, памерлай 23 лютага.
«Людзі Беларусі! Мы звяртаемся да вас у вельмі цяжкую хвіліну для нашай сям'і – мы страцілі нашу любімую маці. Сёння да нас прыходзяць, тэлефануюць і пішуць мноства людзей з выказваннем спачування ў нашым горы. Нашы сэрцы рвуцца на часткі. Мы не можам пахаваць маці без нашага бацькі. Мы ўдзячныя вам за вашу падтрымку і ўдзел. Будзем разам у гэты цяжкі час! Прыходзьце сёння, 25 лютага, а 18 гадзіне з свечкамі на Кастрычніцкую плошчу. Успомнім Ірыну Казуліну, ушануем яе памяць!» – гаворыцца ў заяве.
Паплечнікі Аляксандра Казуліна таксама прапаноўваюць людзям з рэгіёнаў выходзіць на галоўныя плошчы сваіх гарадоў з свечкамі і партрэтамі Ірыны Казулінай і ўшанаваць памяць мужнай жанчыны, якая аддала сваё жыццё ў барацьбе за нашу і вашу свабоду.
Жонка палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, Ірына, сканала 23 лютага ў 19.40 па менскім часе. 48-гадовая жанчына пакутавала на анкалагічнае захворвання. Ёй рэзка стала дрэнна, «хуткая дапамога» не давезла Ірыну Казуліну да шпіталя.
Нагадаем, што Аляксандр Казулін два гады знаходзіцца ў зняволенні. Палітыка асудзілі на 5,5 гадоў пазбаўлення свабоды за акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года. Вызвалення палітыка патрабуе ўвесь свет. Аляксандр Лукашэнка гэтымі днямі прызнаўся, што яму вядома пра хваробу Ірыны Казулінай, тым не менш палітвязня не вызвалілі.
UPD: и только давайте не будем спорить о морали. Они - дочери. Это их выбор... Выбор всей их семьи...